Экскурсія па выставе “Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць”
Праз дзевяць месяцаў споўніцца 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
З нагоды юбілейнага года ў ЦНБ НАН Беларусі ладзіцца перасоўная мастацка-дакументальная выстава “Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць”, падрыхтаваная і Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.
У гісторыі кожнага народа ёсць імёны, якімі ён асабліва ганарыцца. Беларускі паэт Максім Багдановіч набыў вядомасць сваім літаратурным, грамадзянскім і чалавечым подзвігам. Аўтар пейзажнай, сацыяльна-філасофскай лірыкі, самабытны празаік, тонкі крытык, публіцыст, ён быў адным з пачынальнікаў беларускай літаратуры: першы актыўна распрацоўваў такія складаныя паэтычныя формы, як тэрцына, трыялет, актава, рандо; лічыцца адным з пачынальнікаў санета; быў наватарам у сферы перакладу.
У нацыянальным космасе беларусаў асоба М. Багдановіча займае асаблівае месца. Незвычайны лёс – амаль цягам усяго жыцця адарваны ад непасрэдных беларускіх рэалій, бо знаходзіўся за межамі Беларусі, – і выключна плённая, выніковая і напружаная літаратурная дзейнасць сталі сведчаннем нязломнасці беларускага духу Максіма.
Ён быў вялікім жыццялюбам і гуманістам. Яго ідэйна-эстэтычнае крэда трымалася на светлай веры ў чалавека, на глыбокай павазе да яго асобы.
10 сакавіка ў ЦНБ НАН Беларусі адбылася сустрэча з Міхаілам Бараноўскім, загадчыкам філіяла Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Ён прачытаў невялікую лекцыю, прысвечаную аўтару вядомай кніжкі выбраных вершаў “Вянок” і яго жыццёваму шляху, які быў няпростым, сумна кароткім, але свядомым і яркім.
Падчас аповеду лектар выкарыстоўваў адмысловыя мастацкія стэнды, найноўшыя для айчыннай навукі звесткі пра жыццё Максіма Багдановіча, свой дзесяцігадовы вопыт вывучэння даннага пытання і, шчыра кажучы, талент дакладчыка.
Дзякуем Міхаілу за праведзеную экскурсію!