Экспазіцыя «Уладзімір Караткевіч у выяўленчым мастацтве»
З 10 лістапада да 20 снежня 2020 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры арганізавана літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Уладзімір Караткевіч у выяўленчым мастацтве”, якая ладзіцца ў рамках сумеснага праекта з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Уладзімір Караткевіч (1930–1984) – адна з самых яркіх постацяў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Ён плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і кінасцэнарыст.
На экспазіцыі дэманструюцца жывапісныя палотны знакамітых мастакоў Леаніда Дударэнкі, Уладзіміра Тоўсціка, Міхася Будавея, ілюстрацыі Генадзя Грака і Пятра Драчова да твораў Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і “Чорны замак Альшанскі”, графіка Віктара Мікіты “Да зборніка вершаў Уладзіміра Караткевіча “Мая Іліяда”.
Творчая спадчына пісьменніка прадстаўлена аўтографамі паэтычных і празаічных твораў з рукапіснага фонду Центральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сярод якіх чарнавыя накіды да рамана “Каласы пад сярпом тваім”, рукапісы аповесцяў і апавяданняў, казак, аўтограф лібрэта оперы “Сівая легенда”, агульныя сшыткі з канспектамі лекцый, аздобленыя замалёкамі У. Караткевіча, асобныя малюнкі, выкананыя чарнілам і алоўкам.
Акрамя гэтага на выстаўцы экспануюцца тэатральныя афішы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, фотаздымкі сцэн са спектакляў па творах пісьменніка, эскізы касцюмаў да спектакля “Ладдзя Роспачы” мастака В. Рачкоўскага і іншыя цікавыя матэрыялы.
Запрашаем наведаць экспазіцыю ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13)