Мастацкая выстава «На адным полі ваяры…»
23 мая 2019 г. у рамках міжнароднай навуковай канферэнцыі «Уніі Вялікага княства Літоўскага з Польскім Каралеўствам: праблемы суверэнітэтаў», арганізаванай сумесна Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і Польскім інстытутам у Мінску, адбылася прэзентацыя мастацкай выставы «На адным полі ваяры…».
Экспазіцыя, якая складаецца з больш як 30 твораў, разгарнулася ў інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Аўтары выставы мастак Ігар Гардзіёнак і скульптар Сяргей Аганаў аб’ядналі свае творы агульнай тэмай — гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Шэраг партрэтаў прадстаўляе ўладароў гістарычнай Літвы ад караля Міндоўга да караля Уладзіслава Ягайлы і вялікага князя Вітаўта. Ігар Гардзіёнак выканаў іх на састарэлых дошках з выкарыстаннем тэхнікі ляўкасу ў спалучэнні з элементамі металу. Скульптар Сяргей Аганаў прадставіў работы, прысвечаныя тэме абароны сярэднявечнай дзяржавы ад знешніх ворагаў.
Цэнтральны экспанат выставы – трыпціх «29 чэрвеня 1569 г.» – пераносіць нас да падзей другой паловы XVI стагоддзя – заключэння акта Люблінскай уніі. Для карціны былі выбраны гістарычныя асобы якія з’яўляліся, на думку аўтара, найбольш значнымі ў вызначэнні далейшага лёсу дзяржавы, а менавіта Мікалай Станкевіч Білевич, Мальхер Сноўскі Граўж, Лукаш Свірскі і найвышэйшы маршалак ВКЛ Ян Хадкевіч.
Цікавымі мастацкімі творамі выставы сталі бронзавая скульптура на гранітным пастаменце «Героям Грунвальда», партрэт Вялікага князя літоўскага Вітаўта на драўляным палатне з выкарыстаннем жалезных фрагментаў і многія іншыя работы.
Адказваючы на пытанні аўдыторыі, мастак Ігар Гардзіёнак адзначыў важную ролю Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў стварэнні мастацкіх твораў. Ён падкрэсліў, што жанр гістарычнага партрэта – гэта саюз навукі і мастацкіх вобразаў. Скульптар Сяргей Аганаў у сваю чаргу падзякаваў навукоўцам за аказаную дапамогу ў стварэнні максімальна дакладных вобразаў гістарычных асоб.
Выстава будзе дзейнічаць да 27 мая.
Субота–нядзеля – выхадныя дні.