Прэзентацыя кнігі «Исторические прогулки с Франциском Скориной»
Што піў і дзе адпачываў Францыск Скарына: “Исторические прогулки с Франциском Скориной” Інэсы Плескачэўскай прэзентавалі ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
27 сакавіка адбылася прэзентацыя кнігі журналіста-міжнародніка Інэсы Плескачэўскай “Исторические прогулки с Франциском Скориной”. Падчас работы над тэкстам аўтар праехала па тым маршруце, якім вандраваў па Еўропе сам Скарына, і паразмаўляла з замежнымі даследчыкамі-скарыназнаўцамі пра іх погляд на першадрукара.
Журналістка адзначыла, што праект ажыццявіўся хутка: у кастрычніку 2016 года ідэя была прадстаўлена ў рэдакцыі “СБ. Беларусь сегодня”, а ўжо ў сакавіку 2018-га кніга матэрыялаў пабачыла свет.
Прадстаўляючы аўтара, дырэктар бібліятэкі Аляксандр Іванавіч Груша зазначыў:
– Мы забываем, што Скарына быў жывым чалавекам, асобай, якая жыла на мяжы Сярэднявечча і Новага часу. Інэса Плескачэўская змагла ўбачыць гэтага жывога чалавека. Яна мае дар адчуць эпоху ды вывудзіць у прафесійнага даследчыка тыя факты, якія ён звычайна не выкладае ў сухіх і стрыманых навуковых артыкулах.
У кнізе І. Плескачэўскай можна пабачыць “неафіцыйнага” Францыска Скарыну: якім ён быў у сям’і, у адносінах з жонкай, па якіх месцах гуляў, у якіх пражскіх шынках піў піва (у Празе захавалася некалькі піўных ажно з XVI стагоддзя, і піва там вараць па тых самых рэцэптах).
Для журналіста самае вялікае шчасце – быць у нечым першым, зазначыла Плескачэўская. У ходзе работы над кнігай гэта атрымалася. Напрыклад, удалося пабываць і сфатаграфаваць месцы ў Падуі, дзе Скарына трымаў іспыт. У адным выпадку захаваўся толькі фундамент таго будынку, які бачыў Скарына, у другім – старажытная столь у дастаткова мадэрнізаванай зале. На гэту столь Скарына ўздымаў вочы, думаючы над пытаннем экзаменацыйнай камісіі.
Асобнае захапленне Інэсы Мікалаеўны – людзі, з якімі яна сустракалася ў Скарынавых месцах. Напрыклад, чэшскі беларус, непрафесійны гісторык Сяргей Кнырэвіч, які знайшоў чатыры дакументы, звязаныя з сынам Скарыны, Сімяонам Русам. “Найвядомейшы наш скарыназнаўца Георгій Галенчанка сабраўся, паехаў у Чэхію і даследаваў там гэтыя дакументы. Для мяне прыемна, што гэта адбылося менавіта пасля маёй публікацыі”, – падзялілася Плескачэўская.
Адно з пытанняў залы – пра галоўнае адкрыццё ў час работы над кнігай.
Галоўнае адкрыццё было не пра Скарыну, а пра скарыніяну, адзначыла аўтар. Мы, беларусы, у тым ліку і беларускія гісторыкі – недастаткова актыўныя. Склалася ўражанне, што мы не ў фарватары працэсу скарыназнаўства, а збоку. Калі б мы працавалі разам з чэшскімі гісторыкамі, чэшскімі архівамі, работа мела б большы плён.
Між тым на прэзентацыі прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мілан Экерт.
Імпрэза скончылася невялікай дыскусіяй.
Госці задавалі пытанні, цікавіліся асабістым жыццём вядомага зямляка.
У Еўропе не хапае помнікаў Скарыну, падагульніла Інэса Плескачэўская, але ўсё залежыць ад нас.
– А ці так патрэбныя помнікі? Ці не губляецца за імі рэальная, жывая асоба, ці не губляе вобраз Скарыны чалавечнасць? – рытарычна ўдакладніў Аляксандр Груша.
Інэса Плескачэўская задумалася.
– Дык, можа, нам папрасіць у чэхаў памятную шыльду ў піўной?
– Скажыце, – яшчэ адно пытанне аўдыторыі, – а вядома, якую кухню любіў Скарына? Што піў піва – зразумела, а што ён еў з півам?
Але на ўсе пытанні адказаць выявілася не так проста. Вырашылі, што вось і знайшлася тэма для наступнай кнігі.
Падчас прэзентацыі у інфармацыйна-выставачным цэнтры бібліятэкі экспанавалася кніжная выстава «Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына», на якой былі прадстаўлены найбольш значныя навуковыя і папулярныя выданні, прысвечаныя постаці першадрукара.