Прэзентацыя кнігі «Рускай Бібліі» Францыска Скарыны – 500 гадоў»
28 сакавіка 2017 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі «Рускай Бібліі» Францыска Скарыны – 500 гадоў» («Pranciškaus Skorinos “Rusėniškajai Biblijai” – 500»), выдадзенай Бібліятэкай імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук пад рэдакцыяй Сігітаса Нарбутаса. Яе аўтарамі з’яўляюцца прызнаныя аўтарытэты ў галіне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, гісторыі кнігі, літаратуры і мовы, якія прадстаўляюць розныя еўрапейскія краіны: Сігітас Нарбутас, Дайва Нарбутэне, Сяргеюс Цемчынас, Рыма Цыцэнене (Літва), Пётр Войт, Ілля Лямешкін (Чэхія), Аляксандр Груша (Беларусь).
Падчас прэзентацыі выступілі аўтары кнігі Сігітас Нарбутас, Дайва, Нарбутэне, Рыма Цыцэнене, Аляксандр Груша.
Аляксандр Груша, які вёў прэзентацыю, адзначыў, што для беларусаў вобраз Францыска Скарыны стаў аб’ектам гістарычная памяці, які мае свае мэты, задачы, наратывы, кананічныя тэксты, «месцы памяці», зоны ўмаўчання і культурныя практыкі, адной з якіх, у прыватнасці, і з’яўляецца дадзеная прэзентацыя.
Сігітас Нарбутас, якому належыць ініцыятыва выпуску прэзентаванага выдання, падкрэсліў неардынарнасць асобы Францыска Скарыны, які зрабіў адзін з першых перакладаў кніг Свяшчэннага пісання на народную мову.
Рыма Цыцэнене адзначыла, што пачатая гісторыкамі дыскусія аб агульнай спадчыне Вялікага Княства Літоўскага стымулюе да перагляду думак адносна традыцый пісьменнасці, створанай у гэтай дзяржаве на розных мовах. Новыя даследаванні гісторыі праваслаўнай царквы, Фларэнційскай уніі і яе праяўленняў у краіне высунулі пытанне аб магчымым уплыве ўніі на кніжную традыцыю Вялікага Княства Літоўскага.
Дайва Нарбутэне праліла святло на асноўныя тэндэнцыі кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім пасля Францыска Скарыны на працягу XVI ст. У гэты перыяд на тэрыторыі краіны, па яе падліках, было надрукавана больш за 500 назваў кніг.
Аўтары азнаёмілі з іншымі думкамі, якія знайшлі адлюстраванне ў кнізе. Пражскія выданні Скарыны значна пераўзыходзяць чэшскія выданні таго часу. Вырашальны ўплыў на Скарыну ў пытанні ўсходнеславянскай адаптацыі Бібліі маглі аказаць бенедыктынцы, а менавіта манастыр «Na Slovanech» у Празе. У кнізе выказана меркаванне аб лакалізацыі месца, дзе ў Празе асветнік друкаваў свае кнігі. На падставе новых звестак абгрунтоўваецца меркаванне, што менавіта Скарына заклаў Каралеўскі сад у Празе. Прыводзяцца невядомыя да гэтага звесткі пра кола кантактаў Скарыны ў чэшскай сталіцы, яго дзецях – Францыску і Сімяоне.
У прэзентацыі прынялі ўдзел старэйшыя беларускія даследчыкі жыцця, дзейнасці і творчасці Францыска Скарыны: Георгій Якаўлевіч Галенчанка, Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі, Уладзімір Георгіевіч Кароткі, а таксама прадстаўнікі маладога пакалення прафесійных вучоных, якія вывучаюць творчасць асветніка: Алесь Уладзіміравіч Бразгуноў, Ірына Уладзіміраўна Будзько, Жанна Вацлаваўна Некрашэвіч-Кароткая.
Прэзентацыю наведалі студэнты гістарычнага і філалагічнага факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
У рамках прэзентацыі выдання адбылося адкрыццё кніжнай выставы «Спадчына Францыска Скарыны: погляд праз 500 гадоў». Экспазіцыя ўтрымлівала, у прыватнасці, легендарны зборнік «400-лецьце беларускага друку», выдадзены Інстытутам беларускай культуры ў 1926 годзе, арыгінал «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлава Ластоўскага і ўнікальную брашуру «Мова выданняў Францішка Скарыны» Язэпа Воўка-Левановіча з дарчым надпісам іншаму мовазнаўцу Канстанціну Пушкарэвічу.
Асобны стэнд быў прысвечаны пачатку кірылічнага кнігадрукавання ва Усходняй Еўропе. Жамчужынамі выставы сталі віленскія кірылічныя выданні XVI стагоддзя з друкарскага дома Мамонічаў.