Всего документов: 5.
Самае амбіцыйнае, што плануецца ажыццявіць у межах гэтай пяцігодкі, — так званыя комплексныя праекты будучыні. Сярод праектаў будучыні — нацыянальны электратранспарт, біятэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе, дакладнае земляробства, інавацыйная ахова здароўя, біятэхналогіі для фармацэўтыкі, разумныя гарады Беларусі. Праекты, якія ў далейшым атрымаюць прыярытэтнае фінансаванне. Між тым, як найбуйнейшы навуковы цэнтр і вядучая навуковая арганізацыя краіны, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі не толькі ўцягнутая ў выкананне ўсіх комплексных праектаў будучыні, але і з'яўляецца галаўной арганізацыяй па такім праекце як "Біятэхналогіі для фармацэўтыкі".
Беларускі прамыслова-інвестыцыйны форум — мерапрыемства, на якім традыцыйна сустракаюцца прадстаўнікі навукі, вытворчай сферы і сумежных з ёй галін. Першы намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык падчас працы форуму заўважыў, што без лічбавых рашэнняў у эканоміцы нельга прэтэндаваць на годнае месца ў перыяд абвастрэння сусветнай канкурэнцыі.
Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Сербію адкрыў новую старонку ўзаемаадносін дзвюх краін. Па выніках перамоў у Бялградзе падпісаны пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў розных галінах. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі заключыла Пагадненні аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з Сербскай акадэміяй навук і Міністэрствам адукацыі, навукі і тэхналагічнага развіцця Сербіі.
Навукова-даследчы інстытут штучнага інтэлекту з’явіцца ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Падчас першага Форуму па штучным інтэлекце кампанія International Intelligent Machines Co. Ltd і Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі падпісалі адпаведны мемарандум, распавядае генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Аляксандр Тузікаў.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі пачынае выраб Беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі высокага распазнавання, распавёў кіраўнік апарату Нацыянальнай акадэміі навук акадэмік Пётр Віцязь падчас прэзентацыі Года навукі ў Беларусі.