Всего документов: 3.
У Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі паўдзельнічалі вядомыя навукоўцы як з Беларусі, так і з Балгарыі, Расіі, Украіны, Эстоніі. На двухдзённым форуме былі навуковыя паведамленні, прайшоў круглы стол “Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай”, выступалі аўтэнтычныя казачнікі. Казкі, лічыць адзін з арганізатараў форуму, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы й літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатоль Трафімчык, прыдатныя для кожнай узроставай, сацыяльнай катэгорыі.
Духоўныя скарбы беларусаў — гэта беларуская мова, песні, музыка, танцы, а таксама нашы прыказкі, прымаўкі, казкі, замовы… Такіх больш нідзе ў свеце няма. Іх вывучаюць, у прыватнасці, навукоўцы з Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі ды фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі. Да вялікага багацця беларусаў праяўляюць інтарэс навукоўцы з замежжа. Таму Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальная акадэмія навук Беларусі 17—19 мая 2018 года ладзяць у Мінску Міжнародную навуковую канферэнцыю “Народная казкавая проза ў еўрапейскай прасторы: архаічная традыцыя і сучасная інтэрпрэтацыя”.
Новая выстава ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прымеркавана да 125-х угодкаў Максіма Гарэцкага і 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны. На жаль, молах сталінскіх рэпрэсій адабраў жыццё ў патрыёта, да таго ж надоўга паставіў на творчую спадчыну Максіма Гарэцкага кляймо нацдэмаўшчыны. Цяпер ягоныя творы вярнуліся ў шырокі ўжытак. У тым немалая заслуга й пляменніка рэпрэсаванага пісьменніка: акадэміка НАН Беларусі Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага.