Семінар «Сучасныя праблемы гістарыяграфіі гісторыі Беларусі»
25 верасня 2026 г. у чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі адбыўся навукова-практычны семінар «Сучасныя праблемы гістарыяграфіі гісторыі Беларусі». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі акадэмічная бібліятэка і рэдакцыя вядучага гістарычнага навукова-тэарэтычнага, навукова-метадычнага выдання краіны «Беларускі гістарычны часопіс».
У працы семінара прынялі ўдзел спецыялісты з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, а таксама прадстаўнікі арганізатараў мерапрыемства: Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі і рэдакцыі часопіса «Беларускі гістарычны часопіс».
У пачатку семінара было зачытана прывітальнае слова акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, доктара гістарычных навук, прафесара Вячаслава Віктаравіча Даніловіча. У яго звароце адзначана важнасць асэнсавання напрацовак айчыннай гістарыяграфіі.
Праца семінара адбывалася ў межах двух сесій. Праблемнае поле семінара ўключала актуальныя пытанні гісторыі гістарычнай навукі Беларусі. Асноўная ўвага была нададзена сучаснаму стану айчыннай гістарыяграфіі гісторыі Беларусі.
Удзельнікі семінара адзначылі высокі ўзровень агучаных дакладаў і выказаліся за працяг падобнага фармату навуковых дыскусій. Даклады, агучаныя на семінары, будуць апублікаваныя ў № 12 «Беларускага гістарычнага часопіса» за 2026 г. Мерапрыемства прайшло ў межах выканання Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Сацыяльна-эканамічная, палітычная і нацыянальна-культурная бяспека беларускай дзяржаўнасці» (падпраграма «Гісторыя»).










