Центральная научная библиотека имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси

Навигация по сайту

Міжнародны дзень роднай мовы 2014

21 лютага пад эгідай ЮНЕСКА ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы.

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры падрыхтавалі праграму святкавання Міжнароднага дня роднай мовы для навучэнцаў мінскіх школ  “Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх – беларуская родная мова!”.

З прывітальным словам выступіў старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў. Ён звярнуўся да гісторыі беларускай мовы, нагадаў, што пачатак яе ў бронзавым веку, і што з усіх моў Еўропы яна найбольш блізкая да санскрыту. Адзначыў і той факт, што развіваецца наша мова ва ўмовах незалежнай дзяржавы даволі хутка, аб чым сведчыць, да прыкладу, і багатая даведачная літаратура і шматлікія слоўнікі, якія адлюстроўваюць сучасны стан развіцця мовы. Спадар Трусаў заўважыў: “Я думаю, пры першых жа спрыяльных умовах беларуская мова адразу зойме ўсе сферы нашага жыцця. Добрымі прыкметамі ў развіцці мовы можна лічыць і тое, што ёй зацікавіліся і бізнесмены, кампутаршчыкі, і жыхары вялікіх гарадоў, Мінска і іншых. Ёсць штучныя перашкоды, але зараз цікавасць да гэтага пытання ізноў на ўздыме”.

Пад час мерапрыемства адбылося адкрыццё кніжнай выставы “Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса?...”.Выстава, падрыхтаваная Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прысвечана 125-годдзю першай публікацыі знакамітай паэмы “Тарас на Парнасе”, якая яшчэ нядаўна лічылася ананімнай, твору жыццярадаснаму, камічнаму, сапраўднаму шэдэўру беларускай літаратуры ХІХ ст. На выставе прадстаўлены публікацыі паэмы, якія захоўваюцца ў фондах бібліятэкі, а гэта асобныя кніжныя выданні 1909 г., 1920 г., 1945 г. і сучасныя перавыданні. Асобны раздзел выставы прысвечаны тэме аўтарства паэмы і гісторыі раскрыцця гэтай таямніцы. Вядома, што паэма прыпісвалася пяру самым розным аўтарам – В. Дуніну-Марцінкевічу, А. Вярыгу-Дарэўскаму, студэнтам Горацкага земляробчага інстытута, Аўхіму Крупенькі і іншым. Дзякуючы працы многіх пакаленняў літаратуразнаўцаў, а ў апошні час працы Генадзя Кісялева, аўтарам “Тараса на Парнасе” лічыцца К. Вераніцын. На выставе можна было пазнаёміцца з цікавымі даследчыцкімі працамі не толькі Г. Кісялёва, але і публікацыямі Я. Янушкевіча, А. Лойкі і іншых.

Поўны спіс выданняў змешчаны ў юбілейным буклеце.

Таксама ўвазе гледачоў была прадстаўлена прэзентацыя цікавых фактаў з гісторыі стварэння паэмы і пошукаў яе аўтара, якая была падрыхтавана супрацоўніцай аддзела сацыякультурнай і інфармацыйнай дзейнасці ЦНБ НАН Беларусі Яўгеніяй Цэрэльчук.

У гонар 125 гадавіны першай публікацыі паэмы К. Вераніцына “Тарас на Парнасе” ладзіліся яе чытанні. Вучні старэйшых класаў з задавальненнем прынялі ўдзел у гэтай праграме.

Пад час мерапрыемства гучалі музыка і песьні. У святочнай праграме прынялі ўдзел дзіцячыя вакальныя калектывы Палаца дзяцей і моладзі “Арыён” г. Мінска “Дар” і “Folk-fiesta”.

×
Войти в личный кабинет
Адрес электронной почты *
Пароль *
Потеряли пароль?
×
Логин *
E-mail *
Пароль *
Повторите пароль *
×
Генерация пароля
Введите адрес электронной почты и мы вышлем вам ссылку для сброса пароля