Выстава да 135-годдзя з дня нараджэння І. В. Воўка-Левановіча
У чытальнай зале аддзела абслугоўвання і арганізацыі фонду рэдкіх кніг і рукапісаў створана выстава, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння беларускага мовазнаўцы Іосіфа Васільевіча Воўка-Левановіча (1891–1938).
У экспазіцыі прадстаўлены дакументы з яго асабістага архіва, які захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Адкрываюць выставу матэрыялы біяграфічнага і асабістага характару. Сярод іх – копія пасведчання аб заканчэнні І. В. Воўкам-Левановічам Петраградскага ўніверсітэта, аўтабіяграфіі, характарыстыка, складзеная Я. Ф. Карскім і інш.
Дэманструюцца дакументы службовай дзейнасці І. В. Воўка-Левановіча ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (1924–1930), Саратаўскім дзяржаўным універсітэце (1930–1931), Саратаўскім (1931–1934) і Арэнбургскім (1934–1937) педагагічных інстытутах: праграмы і планы навуковых заняткаў, матэрыялы да лекцый, заявы, пасведчанні.
Асноўнае месца ў экспазіцыі займае навуковая спадчына І. В. Воўка-Левановіча. Гэты раздзел змяшчае рэдкія экзэмпляры яго мовазнаўчых прац: «Гістарычнае вывучэнне беларускай мовы ў славянскай філалогіі» (Працы БДУ, 1925), «Мова выданняў Францішка Скарыны» (1927), «Беларускае аканне» (1926), «Форма “прошлага ў будучым” (буду-лъ) у мове дакументаў “Літоўскай метрыкі”» (Працы БДУ, 1927), «Важнейшыя рысы гаворкi вёскi Татаркавiчы i гаворак ваколiчных вёсак» (1928).
Экспануюцца рукапісы і чарнавыя накіды навуковых артыкулаў, рэцэнзіі на творы І. Ю. Лёсіка, А. А. Шахматава. Прадстаўлена другое – перадрукаванае з мікрафільма – выданне навуковага дапаможніка І. В. Воўка-Левановіча «Лекцыі па гісторыі беларускай мовы» (1994), фрагменты аўтарскага рукапісу.







Выстава працуе з 26 кастрычніка па 16 лістапада 2026 г.
Інфармацыя падрыхтавана малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела даследавання рукапісаў К. А. Пярфільевай.