Віртуальны мемарыяльны
кабінет П.Ф. Глебкі
ЦНБ НАН Беларусі

Гісторыя

Гісторыя бібліятэкі П. Ф. Глебкі

Бібліятэка займае вельмі важнае месца ў жыцці кожнага чалавека. Яна з’яўляецца адлюстраваннем не толькі схільнасці чалавека да пэўных літаратурных жанраў, але і люстэркам ягонага ўнутранага свету. Адрозненне прыватнай бібліятэкі ад грамадскай у тым, што яна адкрыта перш за ўсё для свайго ўласніка ці яго сям’і, яна збіраецца ягонымі ўласнымі намаганнямі і памкненнямі, адпавядаючы асабістым інтарэсам.

Сфарміраваная ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў нацыянальная беларуская інтэлігенцыя, якая стала на чале культурнага будаўніцтва дзяржавы, упершыню займела памкненне да назапашвання і калекцыянавання кніг у сваіх прыватных зборах, фарміруючы ўласныя бібліятэкі. Часцей за ўсё ў падобных бібліятэках захоўваліся кнігі па гісторыі, літаратуры, мастацтвазнаўстве – тых галінах, якія развіваліся дзейнасцю новай інтэлігенцыі.

Бібліятэкай таксама можа называцца пакой у прыватным доме, у якім захоўваюцца кнігі. Як правіла, гэта адносна вялікі пакой, які адкрыты для ўсіх чальцоў сям’і і гасцей. Кабінеты таксама часта ўтрымліваюць калекцыю кніг, але яны звычайна з’яўляюцца прыватнай прасторай, прызначанай для выкарыстання адным чалавекам. Адным з такіх кабінетаў і быў кабінет акадэміка П. Ф. Глебкі.

На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў Пятро Фёдаравіч фарміраваў бібліятэку ў сваім кабінеце, якая перажыла і бурлівыя 1930-я, і гады вайны 1941–1945 гг. Усе, хто бываў у пісьменніка дома яшчэ ў даваенны перыяд, адзначалі, што ўжо тады ў яго бібліятэцы можна было знайсці амаль любое выданне па літаратуры, гісторыі, мастацтве. Галоўны бібліёграф Дзяржаўнай бібліятэкі БССР Ніна Барысаўна Ватацы пісала:

“Пасля вайны даводзілася звяртацца да багацейшых скарбаў любоўна сабранай паэтам хатняй бібліятэкі, якую ўдалося захаваць ад знішчэння. Кнігі глебкаўскай бібліятэкі памаглі ў працы шмат каму з навуковых работнікаў і пісьменнікаў”.

Чалавек глыбокай эрудыцыі, П. Ф. Глебка меў шырокае кола інтарэсаў, таму сабраная ім бібліятэка носіць універсальна-гуманітарны характар. Яна ўключае мастацкую літаратуру і выданні, што датычацца пытанняў беларускай і сусветнай культуры ў самым шырокім сэнсе: кнігі па гісторыі, філасофіі, палітыцы, рэлігіі, мастацтве і інш. Значную частку складаюць даведачныя выданні: энцыклапедыі, слоўнікі і даведнікі па разнастайных галінах ведаў. Высветліць дакладна, сторыю як трапіла ў рукі да Пятра Глебкі тая ці іншая кніга, досыць складана (за выключэннем кніг з дарчымі надпісамі), але можна акрэсліць, з якіх збораў і фондаў яна складалася.

Достоевский, Ф. М. Полное собрание сочинений Ф. М. Достоевского. Т. 7. Бесы : роман. Ч. 2. – Санкт-Петерербург : Издание А. Ф. Маркса, 1895. – 652, [2] с. – (Бесплатное приложение к журналу «Нива» на 1895 г.). Экзэмпляр дэфектны: адсутнічае пачатак тэксту да с. 333. У пачатку і ў канцы кнігі штампы: «Библиотека и книжный магазин А. К. Кауфман. Белосток», «Покорно прошу не марать книг и не загибать листов. Библиотекарь». КГ/1930.
Dunin-Marcinkiewicz, W. Dudarz Bialoruski, czyli wszystkiego potrosze przez Wincentego Dunin Marcinkiewicza. – Minsk : Nakładem i drukiem J. Dworca, 1857. – 117, [5], 16 s. У канцы кнігі прыплецены фрагмент (с. 1–16) з такога ж выдання. На верхнім форзацы экслібрыс з ініцыяламі: «В. Л.» і запіс чырвоным алоўкам: «У музей Ів. Луцкев[іча]. 25/X-[1]928. [Дварчанін(?)]». На тытульным лісце запіс сінім алоўкам: «Дварчанін (?). Куплена ў букініста ў Вільні, 15/IV-[1]928», штамп: «Бібліатэка Беларускага Навуковага Т-ва ў Вільні» (таксама на некаторых старонках). Паметы ў тэксце. На форзацы, тытульным лісце і авантытуле ўладальніцкія запісы П. Глебкі, адзін з якіх датаваны 27/X-47 г. КГ/3584.
Maliszewski, E. Przewodnik po Gubernji Mińskiej : zarys statystyczno-opisowy / Edward Maliszewski. – Warszawa : Wydawnictwo Straży Кresowej, 1919. – 36 s. : map. На тытульным лісце ўладальніцкі запіс П. Глебкі і штамп: «Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча». У тэксце шматлікія падкрэсліванні. КГ/3667.

Мастацкія творы прадстаўлены кнігамі класікаў беларускай, рускай і сусветнай літаратуры. Сярод іх – рэдкія выданні канца ХІХ–пачатку ХХ ст. прыжыццёвыя і першыя выданні. Асаблівую цікавасць выклікаюць кнігі, што выйшлі ў свет у 20–30-я гг. ХХ ст. у перыяд станаўлення новай беларускай літаратуры.

Так, у бібліятэцы захоўваюцца экзэмпляры з віленскага кнігазбора ксяндза Адама Станкевіча – беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, выдаўца, гісторыка, публіцыста, літаратуразнаўцы. У асноўным гэта кнігі, прысвечаныя беларускай гісторыі і культуры (працы як самога А. Станкевіча, так і М. Доўнар-Запольскага, Я. Карскага, А. Сержпутоўскага Р. Зямкевіча), а таксама творы А. Шахматава, І. Канта, Ф. Аляхновіча, “Гадавік” Беларускага Навуковага таварыства ў Вільні і інш.

Доўнар-Запольскі, М. В. Асновы Дзяржаўнасці Беларусі / М. В. Доўнар-Запольскі. – Гродна : Выданне Міністэрства беларускіх спраў, 1919. – 16 с. Вокладка адноўленая. На с. 1 штамп: «Кнігазбор Кс. Адама Станкевіча» і аўтограф неўстаноўленай асобы. У тэксце шматлікія падкрэсліванні і паметы алоўкам. КГ/3588.
Кант, И. Антропология : [пер. с немецкого] / Иммануил Кант. – СПб. : Типография П. П. Сойкина, 1900. – 194 с. На тытульным лісце і на с. 97 штампы: «Кнігазбор Кс. Адама Станкевіча», на тытульным лісце ўладальніцкі запіс П. Глебкі. КГ/1839.

Маюцца кнігі са штампамі бібліятэкі ягонага паплечніка і калегі па “Маладняку” Янкі Скрыгана. Сярод іх можна вылучыць творы Анатоля Вольнага, Максіма Гарэцкага, Тодара Глыбоцкага і інш.

Толстой, А. Н. Собрание сочинений. [В 16 т.]. Т. 1. Четыре века : рассказы / Алексей Толстой. На адвароце франтыспіса, на тытульным лісце і с. 17 штампы: «З Бібліотэкі Ян. Скрыгана». КГ/1892.

Вялікую цікавасць уяўляюць і кнігі з бібліятэкі Беларускага студэнцкага саюза ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні, які існаваў з 1920 па 1939 гг. Сярод выданняў з гэтай бібліятэкі шмат кніг па тэхнічных і прыродазаўчых галінах ведаў.

Аляхновіч, Ф. Шчасьлівы муж : камедыя ў 4-х актах / Францішак Аляхновіч. – Вільня : Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1922. – 68 с. На тытульным лісце, адвароце вокладкі, с. 27 штампы: «Бібліятэка Б.С.С. у Вільні»; на тытульным лісце і ў канцы кнігі штампы: «Беларускі студэнцкі саюз у Вільні». На тытульным лісце таксама ўладальніцкі запіс П. Глебкі. КГ/2583.
Рэймонт, У. С. Абарона зямлі / Ул. Ст. Рэймонт. – Вільня : [б. в.], 1929. – 30 с. Вокладка адноўленая, на тытульным лісце штамп: «Бібліятэка Б.С.С. у Вільні», на с. 19 і ў канцы кнігі штампы: «Беларускі студэнцкі саюз у Вільні». КГ/2882.
Вагнер, Ю. Апавяданні аб жывёлах / Ю. Вагнер ; пер. з рускай мовы Я. Пачопкі. – Вільня : «Віленскае выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1923. – 69, [3] с. : іл. Вокладка адноўленая. На вокладцы і тытульным лісце штампы: «Беларускі студэнцкі саюз у Вільні» і «Бібліятэка Б.С.С. у Вільні». КГ/3373.

Есць у бібліятэцы П.Ф. Глебкі і выданні са збораў іншых устаноў Вільні: Беларускага навуковага таварыства і музея імя Івана Луцкевіча.

Dudarz Bialoruski, czyli wszystkiego potrosze przez Wincentego Dunin Marcinkiewicza. – Minsk : Nakładem i drukiem J. Dworca, 1857. – 117, [5], 16 s. У канцы кнігі прыплецены фрагмент (с. 1–16) з такога ж выдання. На верхнім форзацы экслібрыс з ініцыяламі: «В. Л.» і запіс чырвоным алоўкам: «У музей Ів. Луцкев[іча]. 25/X-[1]928. [Дварчанін(?)]». На тытульным лісце запіс сінім алоўкам: «Дварчанін (?). Куплена ў букініста ў Вільні, 15/IV-[1]928», штамп: «Бібліатэка Беларускага Навуковага Т-ва ў Вільні» (таксама на некаторых старонках). Паметы ў тэксце. На форзацы, тытульным лісце і авантытуле ўладальніцкія запісы П. Глебкі, адзін з якіх датаваны 27/X-47 г. КГ/3584.

Лёс бібліятэкі вельмі турбаваў П. Ф. Глебку. Ён жадаў, каб яна і пасля яго смерці захавалася цалкам, а не разышлася па зборах. Яшчэ пры жыцці, у 1967 г., падчас пераезду Фундаментальнай бібліятэкі Акадэміі навук БССР у новы будынак, Пётр Фёдаравіч упершыню паведаміў аб намеры перадаць свой кнігазбор і архіў на захаванне ў акадэмічную бібліятэку. Пасля смерці акадэміка яго жонка Ніна Іларыёнаўна выканала волю пісьменніка і перадала ў жніўні 1979 г. частку кнігазбора і рукапіснага архіва ў фонд. Асноўная ж частка кніжнай калекцыі П. Ф. Глебкі разам з абсталяваннем яго рабочага кабінета перайшла ў Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Якуба Коласа АН БССР пасля смерці Ніны Іларыёнаўны, у лістападзе 1986 г.

Азнаёміцца з рознымі акалічнасцямі і цікавасцямі бібліятэкі акадэміка П. Ф. Глебкі можна ў навуковых артыкулах супрацоўнікаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў па наступных спасылках:

  • А. В. Стефанович «Библиотека академика П.Ф. Глебки (1905–1969) – феномен книжной культуры»: http://library.basnet.by/handle/csl/695
  • М. М. Лис, А. В. Стефанович «Библиотека П. Ф. Глебки в контексте инновационного развития общества»: http://library.basnet.by/handle/csl/954
  • М. М. Лис «Журнальная периодика 1920–1940-х годов в библиотеке академика П. Ф. Глебки: минские издания»: http://library.basnet.by/handle/csl/949
  • М. М. Лис «Личная библиотека как фактор книжной культуры»: http://library.basnet.by/handle/csl/952
  • М. М. Лис «Украинистика в книжном собрании и личном архиве белорусского писателя и ученого академика П. Ф. Глебки (по материалам фонда отдела редких книг и рукописей ЦНБ НАН Беларуси)»: http://library.basnet.by/handle/csl/951
  • М. М. Лис «Библиотека академика П. Ф. Глебки как часть национального культурного наследия»: http://library.basnet.by/handle/csl/957
  • М. М. Лис «Минские издания 1910–1930-х гг. в книжном собрании академика П.Ф. Глебки»: http://library.basnet.by/handle/csl/959