Экслібрыс
Ад Тычыны да Купавы: з гісторыі экслібрыса Пятра Глебкі
Больш за чвэрць стагоддзя мінула з той пары, як асабісты кнігазбор Пятра Глебкі перайшоў на захаванне ў аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Не адно пакаленне чытачоў карысталася выданнямі з гэтай каштоўнай калекцыі. Напэўна, многія з іх звярнулі ўвагу на кніжны знак, змешчаны на кожнай з больш як трох з паловай тысяч кніг, што некалі належалі пісьменніку.
Аўтар гэтага экслібрыса – мастак Мікола Купава. Знак, выкананы ў тэхніцы цынкаграфіі, спалучае цэлы шэраг вобразаў з выразным беларускім гучаннем. Карціна ў прамавугольнай рамцы – раскідзісты дуб, зжатая збажына ў снапах у полі (пейзаж гэты ў памяці аўтара застаўся з часоў наведвання урочышча Бервянец на радзіме Якуба Коласа). Па адзін бок ад рамкі – выдавецкі знак Скарыны (месяц-маладзік і сонца з чалавечымі тварамі), па іншы – герб Мінска з выявай Ушэсця Маці Божай. Рамка упісана ў акружнасць, якую спавівае вянок з каласоў і лугавых кветак. Бусел, шырока раскінуўшы крылы, аглядае з вышыні гэтую Беларусь у мініяцюры. А крыху ніжэй – разгорнутая кніга.

“Кніга сімвалізуе мудрасць, бусел – сімвал палёту. Да таго ж хацелася спалучыць у гэтым творы і скарынаўскую тэматыку (ёй у творчасці Глебкі адведзена істотнае месца), і коласаўскую, а таксама падкрэсліць сувязь паэта з Мінскам”, – так тлумачыць ідэю, выражаную ў экслібрысе, яго аўтар.
Адразу думаецца: Глебку, напэўна, быў вельмі даспадобы такі экслібрыс. На самой жа справе Пятро Фёдаравіч нават не бачыў гэтага знака. Купава стварыў яго каля 1980 г., калі пасля смерці пісьменніка мінула цэлае дзесяцігоддзе. У гэты час вельмі зацікаўленай у тым, каб кнігазбор Пятра Глебкі набыў экслібрыс, была ўдава паэта Ніна Іларыёнаўна. Пасля смерці мужа ў канцы 1969 г. ёй засталася не толькі ягоная бібліятэка, але і завяшчанне, згодна з якім Ніна Іларыёнаўна мусіла перадаць кнігі ў бібліятэку Акадэміі навук. Тады ўдава пісьменніка і стала задумвацца пра знак-ахоўнік, які б забяспечваў цэласнасць калекцыі. Зрабіла заказ на выкананне Купаве, азнаёмілася з прапанаваным ім эскізам і ўхваліла яго. У бібліятэку АН БССР асноўная частка выданняў з глебкаўскай калекцыі трапіла ў 1986 г., ужо маючы на адваротным баку вокладкі экслібрыс работы Купавы.
Сам жа Пятро Глебка, хоць і вельмі клапаціўся пра свой кнігазбор, але пра ўладальніцкі кніжны знак, відаць, не надта дбаў. Аднак гэта не азначае, што экслібрысаў Глебкі пры жыцці паэта не існавала. Самыя вядомыя майстры лічылі за гонар прапанаваць пісьменніку кніжны знак уласнай работы.
Не быў выключэннем і патрыярх беларускага экслібрыса Анатоль Тычына. У 1960 г. ён выканаў (як і Купава, у тэхніцы цынкаграфіі) свой экслібрыс Глебкі. Аднаго погляду дастаткова, каб зразумець: прызначаны ён для беларускага пісьменніка. У аснове кампазіцыі – кнігі, папяровы скрутак, пісьмовыя прылады ў вазачцы з нацыянальным арнаментам. Гуслі – таксама традыцыйная метафара (вялікіх паэтаў у Беларусі здаўна прынята называць песнярамі). Залітая сонечнымі промнямі ралля – знак таго, што ў родную зямлю ўрастае каранямі творчасць Глебкі.

Класічны твор Тычыны вядомы, бадай, кожнаму айчыннаму аматару кніжнага знака. Ён неаднаразова экспанаваўся на разнастайных выстаўках у Беларусі і за яе межамі, звесткі пра яго уключаны ў многія выданні. Яго выяву можна убачыць і ў кнізе “Беларускі кніжны знак” (1975), складзенай А.Тычынам і В. Шматавым (гэта лепшая праца, прысвечаная беларускаму экслібрысу), і ў ілюстраваным дадатку да артыкула “Экслібрыс” у ”Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі”.
А вось на кнігі з глебкаўскага кнігазбору ён так і не трапіў. Хоць такую магчымасць, верагодна, меў. Вось тэкст кароткай запіскі аўтара да Ніны Іларыёнаўны Глебка, датаванай 25 студзеня 1975 г.: “Паважаная Ніна Іларыёнаўна! Пасылаю вам два абяцаныя адбіткі з кніжнага знака. Думаю, што адно клішэ можна зрабіць у натуральную велічыню, а другое зменшыць на адну трэць. З павагай А.Тычына”. Непасрэдна аб размяшчэнні на кнігах з калекцыі Глебкі экслібрыса работы Тычыны тут не гаворыцца, аднак сам факт з’яўлення такой запіскі праз 15 год пасля яго стварэння, якраз у той час, калі Ніну Іларыёнаўну вельмі хвалявала пытанне пра кніжны знак для выданняў з калекцыі мужа, наводзіць на такую думку. І ўсё ж пашанцавала экслібрысу аўтарства Купавы.
Побач з гэтай запіскай ў асабістым архіве Пятра Глебкі з фондаў ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца і іншая, адрасаваная ўжо самому паэту: “П.Ф., пасылаю ex-libris, выкананы на лінолеуме (дзяўчына, якая кідае ў раку вянок). Хацелася беларускай лірыкі – ці атрымалася? Водгук за Вамі”. З такімі словамі да пісьменніка ў 1967 г. звярнуўся вядомы жывапісец і графік, аўтар вялікай колькасці кніжных знакаў, выкананых, як і экслібрыс Глебкі, пераважна ў тэхніцы лінагравюры, Яўген Красоўскі. Якім быў адказ Пятра Фёдаравіча (і ці быў ён увогуле) – невядома. А ў яго архіве засталіся адбіткі кніжнага знака работы Красоўскага, якія зводзяцца да двух варыянтаў, адрозных у дэталях. На першым з іх месяц, размешчаны высока над галавой дзяўчыны, асвятляе прастору вакол яе. На другім месяц спусціўся ніжэй, ён нібы ўплецены ў дзявочую касу, ды яго святло не прабівае цемру купальскай ночы. Ёсць адрозненні і ў выгіне ракі, і ў постаці самой дзяўчыны.


Менавіта ў другім варыянце гэты экслібрыс змешчаны на старонках выдання “Евгений Красовский” (1969) з серыі “Экслибрисы белорусских художников”. А значыць, па версіі укладальнікаў (членаў Баранавіцкага клуба кнігі), ён уваходзіць у дзясятку лепшых кніжных знакаў, створаных мастаком. Па колькасці ж удзелаў у выстаўках экслібрыс Глебкі адстае ад большасці сваіх суседзяў па гэтым выданні. Самая вядомая і маштабная з выставак, дзе ён экспанаваўся, – Другая выстаўка беларускага кніжнага знака, што прайшла ў Мінску ў 1968 г. А ў 1971 г. гэты кніжны знак маглі назіраць наведвальнікі экспазіцыі “Літаратурныя матывы ў экслібрысе”, арганізаванай у бібліятэцы АН БССР.
Калі твор Яўгена Красоўскага Глебку, безумоўна, быў вядомы, то экслібрыс аўтарства яго цёзкі Ціхановіча, паэт, хутчэй за ўсё, ніколі не бачыў. Адзін з найбольш вядомых майстроў беларускага экслібрыса працаваў над гэтым кніжным знакам (тэхніка яго выканання – афорт) у год смерці Пятра Фёдаравіча, а адбітак з дароўным надпісам паслаў Ніне Іларыёнаўне толькі ў 1972 г. У выданні “Сто экслибрисов Евгения Тихановича” (1972) ён апісаны так: партрэт уладальніка знака, які чытае газету “Советская Белоруссия” з партрэтам У.І. Леніна. Даводзілася чуць меркаванне, што гэты твор істотна саступае сваім папярэднікам з пункту гледжання сэнсавага напаўнення: не адлюстроўвае ні інтарэсаў Глебкі, ні яго духоўных памкненняў, ні складу кнігазбору. Але менавіта ў гэтым кніжным знаку (пісьменнік на ім трымае ў руках газету, якая выйшла пасля яго смерці) сёння прачытваецца ідэя, якую можна выразіць словамі “Глебка жыў, Глебка жыве, Глебка будзе жыць!” Задумваў аўтар нешта падобнае ці гэта атрымалася ў яго міжволі? Адказу няма, бо ніякіх каментарыяў да свайго твору Ціхановіч, у адрозненне ад Красоўскага, не пакінуў.

Жывапісец і графік Мікалай Тарасікаў да ліку майстроў экслібрыса пры жыцці не адносіўся. Аматары кніжнага знака ведалі толькі некалькі ягоных прац у гэтым жанры. Калі ж у 1965 г. мастака не стала, у яго хатнім архіве знайшлося мноства эскізаў экслібрысаў для вядомых дзеячаў літаратуры і мастацтва, выкананых тушшу і прызначаных для далейшага пераводу на лінолеум. Членамі Баранавіцкага клуба кнігі была падрыхтавана да друку падборка з дзесяці найбольш завершаных кніжных знакаў. Яна выйшла ў 1970 г. невялікім тыражом у 150 асобнікаў і выклікала вялікі попыт калекцыянераў з усяго СССР.
Увайшоў у гэтае выданне і экслібрыс Пятра Глебкі. Тарасікаў, у адрозненне ад пералічаных аўтараў, у асобе Пятра Фёдаравіча бачыў перш за ўсё не пісьменніка, а навукоўца, акадэміка. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, калі ўлічыць, што ў 1950-я гг. Тарасікаў быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР, які ўзначальваў Глебка. На створаным мастаком кніжным знаку – будынак прэзідыума Акадэміі навук Беларусі і разгорнутая кніга над ім. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваюцца эскізы гэтага экслібрыса. З іх бачна, што Тарасікаў спрабаваў зрабіць кампазіцыю больш разнастайнай. Побач з калонамі будынка з’яўлялася фігура савы, на стужцы, укладзенай у кнігу, – нацыянальны беларускі арнамент. І ўсё ж мастак адмовіўся і ад таго, і ад іншага, спыніўшыся на максімальна лаканічным варыянце.

Дакладная дата ўзнікнення экслібрыса работы Тарасікава невядомая. Хутчэй за ўсё, мастак працаваў над ім у канцы 1950-х гг. Калі так, то прынамсі ў храналагічным шэрагу экслібрысаў Пятра Глебкі гэты кніжны знак мусіць стаяць першым. І толькі пасля яго – працы іншых майстроў: ад Тычыны да Купавы.