Біяграфія Глебкі
Імя беларускага пісьменніка, вучонага-акадэміка, грамадскага і культурнага дзеяча Пятра Фёдаравіча Глебкі (1905–1969) шырока вядома ў нашай краіне і за яе межамі. Гэты таленавіты, інтэлігентны, высокаадукаваны чалавек пакінуў свой след не толькі ў айчыннай літаратуры, але і ў сэрцах сучаснікаў.
Пятро Глебка нарадзіўся ў вёсцы Вялікая Уса, што на Уздзеншчыне. У сваёй аўтабіяграфіі пісьменнік успамінаў: “У час майго маленства гэта была ціхая беларуская вёска, з абымшэлымі саламянымі стрэхамі, з маленькімі падслепаватымі аконцамі. І хоць называлася яна Вялікай Усай, было ў ёй тады двароў пяцьдзесят. Прыблізна пасярэдзіне вёскі, у самай лагчыне ... стаяла старая сасновая хата маіх бацькоў».
Сям’я Глебкаў была шматдзетная. Бацька, Тодар Тодаравіч, валодаў шасцю дзесяцінамі зямлі, але каб пракарміцца, гэтага не хапала, даводзілася прырабляць. Сам Тодар Тодаравіч стальмашыў, цяслярыў, дзеці хадзілі на работу ў маёнтак. Пятро, самы малодшы ў сям’і, дапамагаў маці, Таццяне Восіпаўне, займацца хатняй гаспадаркай, працаваў на бацькоўскім надзеле.

Вучыцца хлопчык пачаў са спазненнем, але прага да ведаў і вялікія здольнасці дазволілі яму дагнаць сваіх аднагодкаў. Акрамя царкоўнапрыходскай школы і вышэйшага пачатковага вучылішча, ён скончыў і уздзенскую сямігодку, а ў 1924 г. паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум імя Усевалада Ігнатоўскага.

Даведка П. Глебкі аб вучобе ў згаданым тэхнікуме. 1927 г.
Гэтую навучальную ўстанову параўноўвалі з Царскасельскім ліцэем. Тэхнікум стаў сапраўднай літаратурнай школай, якую прайшоў шмат хто з беларускіх пісьменнікаў. Выкладчыкамі там працавалі Якуб Колас і Язэп Лёсік. Разам з Глебкам навучаліся будучыя вядомыя літаратары Максім Лужанін, Андрэй Александровіч, Сяргей Дарожны, а таксама Паўлюк Трус і Алесь Якімовіч – сябры Глебкі па уздзенскай школе.
У Белпедтэхнікуме Пятро Глебка далучыўся да актыўнай літаратурнай працы. Ва ўстанове дзейнічала студыя літаратурнага аб'яднання “Маладняк”, членам якой пісьменнік-пачатковец стаў у 1925 г. Гэтым жа годам датуюцца першыя вершаваныя публікацыі Глебкі, якія з’яўляліся ў часопісах “Малады араты”, “Беларускі піянер”, газетах “Беларуская вёска”, “Савецкая Беларусь”.



Глебка хутка стаў адным з найбольш актыўным дзеячаў літаратурна-мастацкага аб’яднання “Маладняк”. Аднак ужо ў 1926 г. ён пакідае яго шэрагі. Некаторыя прынцыпы, дэклараваныя маладнякоўцамі (адмаўленне спадчыны пісьменнікаў-папярэднікаў, непавага да літаратурных традыцый) былі для яго непрымальныя. Пятро Глебка разам з былымі маладнякоўцамі (Адамам Бабарэкам, Кузьмой Чорным, Уладзімірам Дубоўкам, Змітаком Бядулем, Язэпам Пушчам і інш.) удзельнічае ў стварэнні новага літаратурнага аб’яднання – “Узвышша”.


У задачу узвышаўцаў уваходзіла стварэнне высокамастацкай нацыянальнай літаратуры з выкарыстаннем набыткаў літаратурнай класікі, жывой народнай мовы, фальклору, са спалучэннем розных форм і стыляў. Аб'яднанне займалася выданнем літаратурных зборнікаў, мела ўласны часопіс, сакратаром якога быў Глебка.
“Узвышша” станоўча паўплывала на развіццё паэтычнага таленту Глебкі, у многім змяніла яго творчую манеру. Пра гэта сведчыць і першая кніга паэта – паэтычны зборнік “Шыпшына”, які, на думку літаратуразнаўца В. Максімовіча, уяўляе сабой “красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, глыбокае выяўленне паэтавай душы”.

У 1927 г. Глебка перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1930 г.

Пасля ўніверсітэта Глебка некаторы час працаваў загадчыкам літаддзела ў газеце “Калгаснік Беларусі” і ў часопісе “Полымя рэвалюцыі”.
З утварэннем Саюза пісьменнікаў у 1934 г. Глебку прынялі ў яго рады. Там ён працаваў кансультантам па паэзіі, таксама яго дэлегавалі на першыя з'езды пісьменнікаў Беларусі і СССР.

У 1930-я гг. свет убачылі кнігі Пятра Глебкі “Урачыстыя дні”, “Хада падзей”, “Арка над акіянам”, “Арлянка”, “Чатыры вятры” і “Мужнасць”.

Значны ўплыў на творчасць Глебкі 1930-х гг. аказалі класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас. Сярод пісьменнікаў свайго пакалення асабліва блізкія адносіны ён меў з Кандратам Крапівой і Петрусём Броўкам. Сяброўства Глебкі з Броўкам ператварылася ў плённае супрацоўніцтва, у выніку якога ў беларускай літаратуры з'явіўся новы аўтар – Лукаш Бандылевіч (сумесны псеўданім Глебкі і Броўкі). Вядомы беларускі скульптар Заір Азгур зрабіў шарж пад назваю “Пратаплазма Бандылевіча”, які сімвалізуе адзінства двух літаратараў. Творчая садружнасць паэтаў-сяброў часам прыводзіла да непаразуменняў. Па ўспамінах Глебкі, іх часта блыталі паміж сабой, і ён нават шкадаваў, што ў свой час не ўзяў сабе які-небудзь сталы псеўданім.



У гады Вялікай Айчыннай вайны Пятра Глебка быў франтавым карэспандэнтам. Працаваў спачатку ў газеце “Красноармейская правда”, потым на Заходнім і Калінінскім франтах у рэдакцыях газет “За Савецкую Беларусь” і “За свабодную Беларусь”.
Сярод лепшых вершаваных твораў пісьменніка ваеннага часу – вершы “Партызаны”, “Пасылка”, “Дзень вайны”, “Мы вернемся”, якія друкаваліся ў сатырычнай газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну” і ў “Партызанскай дубінцы”.

Па заканчэнні вайны пісьменнік актыўна ўключыўся ў грамадскае і культурнае жыццё краіны, працягваў літаратурную дзейнасць: займаўся перакладамі на беларускую мову твораў рускай, украінскай, польскай, англійскай літаратуры.
У пасляваеннай творчасці Глебкі дамінуюць такія тэмы, як узнаўленне зруйнаванай бацькаўшчыны, барацьба за мір, памяць аб мінулай вайне.
Ён стварыў лібрэта оперы “Лясное возера” (першапачатковая назва “Андрэй Касценя”), дзе правобразам галоўнага героя з’яўляецца славуты партызан Канстанцін Заслонаў, працаваў над вершаванай драмай “Святло з Усходу”, працягваў пісаць вершы, займаўся літаратурнай крытыкай і публіцыстыкай.

У 1945 г. Глебку запрасілі на працу ў Акадэмію навук БССР, у Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва, дзе з 1952 г. ён узначальваў сектар лексікаграфіі, а ў 1956 г. стаў на чале Інстытута мовазнаўства.
Гэты выбар не быў выпадковым. Глебка заўсёды беражліва ставіўся да роднай мовы, клапаціўся пра яе чысціню. Пра гэта сведчаць яго артыкулы “Аб мове пачынаючых пісьменнікаў”, “Нататкі пра беларускую літаратурную мову” і інш.
Яшчэ ў 1944 г. Пятра Глебку прызначылі кіраўніком групы па падрыхтоўцы руска-беларускага слоўніка. Разам з Якубам Коласам і Кандратам Крапівой ён рэдагаваў гэтае трохтомнае выданне, якое ўбачыла свет у 1953 г. і на доўгія гады стала адным з самых буйных і папулярных айчынных слоўнікаў, неаднаразова перавыдавылася.


За 25 гадоў працы ў АН БССР Глебка ўнёс значны ўклад у развіццё беларускай навукі. Менавіта з яго ініцыятывы ў 1957 г. пры Аддзяленні грамадскіх навук АН БССР стварылі новую навукова-даследчую ўстанову – Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Інстытут даследаваў шырокае кола навуковых праблем, праводзіў вывучэнні народнага і выяўленчага мастацтва, фальклору, тэатру, кіно, музыкі, архітэктуры і шмат чаго іншага. Глебка паказаў сябе не толькі як таленавіты кіраўнік-арганізатар, але і як сапраўны знаўца ва ўсіх гэтых галінах навуковых ведаў.
Пры непасрэдным удзеле Пятра Глебкі распачыналася велізарная праца па збіранні і падрыхтоўцы да выдання шматтомнага збору беларускага фальклору, за які ў 1986 г. калектыў вучоных быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. З яго ініцыятывы ў інстытуце быў створаны аддзел па выяўленні і вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі з мэтай падрыхтоўкі сямітомнага Зводу помнікаў. Шмат іншых карысных пачынанняў таксама было звязана з імем гэтага чалавека.
Навуковыя дасягненні і арганізатарскія поспехі Глебкі заўважыла акадэмічнае кіраўніцтва. Ён стаў акадэмікам-сакратаром Аддзялення грамадскіх навук. На гэтай пасадзе вучоны за год здолеў дасягнуць значных поспехаў. Менавіта ён заклаў надзейны падмурак для далейшага развіцця беларускай гуманітарыстыкі, стварэння навуковых школ у мовазнаўстве, фалькларыстыцы, этналогіі.

Званне акадэміка АН БССР, прысвоенае Глебку ў 1957 г., стала яшчэ адным пацвярджэннем яго заслуг перад айчыннай навукай.

Акрамя літаратурнай і навуковай дзейнасці, Глебка вёў актыўную грамадска-культурную працу. Неаднаразова з 1955 па 1967 г. пісьменніка абіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

У складзе беларускай дэлегацыі ён чатыры разы прымаў удзел у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Уражанні ад амерыканскага ладу жыцця знайшлі адлюстраванне ў яго дзённікавых запісах і паэтычным цыкле, які ў пасмяротным выданні назвалі “З вершаў аб заграніцы”.

За заслугі перад Радзімай Глебку ўзнагародзілі ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, “Знакам Пашаны”, медалямі і ганаровымі граматамі.

Пятро Глебка пайшоў з жыцця 18 снежня 1969 года. Пахаваны на Усходніх могілках. На доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імя носіць адна з вуліц Мінска і Літвянская школа ва Уздзенскім раёне.